Азараў Вадзім Сяргеевіч.
В.С.Азараў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці.
У 1998 г. паступіў у Магілёўскае вучылішча культуры, на аддзяленне "Рэжысура драматычнага тэатра", якое скончыў у 2001 г., атрымаўшы спецыяльнасць "акцёр тэатра і кіно" і "педагог школы мастацтваў". Па размеркаванні працаваў у Магілёўскім абласным драматычным тэатры і па сумяшчальніцтве ў Магілёўскім тэатры лялек у якасці акцёра. У 2001-2006 з'яўляўся студэнтам БАМ, майстэрня Я.А.Громава. У студэнцкія гады іграў у спектаклях "Людзі на балоце" І.Мележа - ролю Васіля Дзятліка; "Бунташный век" В.М.Шукшына - ролю Сцяпана Разіна; "Рысь" паводле рамана Алаізы Гжэшкі "У зімовы вечар" - ролю Мікулы; "Утиная охота" А.Вампілава - ролю Зілава; "Парог" А.Дударава - ролю Андрэй Буслай; "Театр времен Нерона и Сенеки" Э.Радзінскага - ролю Сенекі; "Страсці-мардасці" М.Горкага - ролю Аўтара; "Царь Иоан" А.Талстога - ролю Князя Шуйскага і гд.
За час работы ў Магілёўскім тэатры выканаў ролі ў спектаклях "Сёстры Псіхеі" С.Кавалёва - Анёл; "Востраў папалам" Ул.Усцінаў - Саксафаніст, Кароль, Кат; "Вялікі Клаўс і маленькі Клаўс" Г-Х.Андэрсана - Вялікі Клаўс, Гаспадыня карчмы і г.д.
Сярод акцёрскіх работ на сцэне Магілёўскага тэатра лялек - "Дзюймовачка" Г-Х.Андэрсана - Крот, Жук, Жабяня; "Макбет" У.Шэкспіра - Блазан.
З 2003 па 2006 г. працаваў выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Магілёўскім вучылішчы культуры.
У ТБД працуе з 2006 г. заняты у спектаклях: "Дамавічкі" Я.Конева, пастаноўка С.Кавальчыка - Стары дамавік; "Іванаў" А.Чэхава, пастаноўка В.Анісенкі - 1-шы госць; "Адвечная песня" Я.Купалы, пастаноўка С.Кавальчыка - Падарожны; "Кабала святош (Мальер)" М.Булгакава, пастаноўка В.Анісенкі і С.Кавальчыка - Справядлівы шавец, Шарлатан з клавесінам.
Сярод акцёраў трупы вылучаецца адказным стаўленнем да працы, высокай працаздольнасцю. Нягледзячы на параўнальна невялікі стаж работы ў РТБД, карыстаецца заслужанай павагай калег. |