|
|
Гісторыя Тэатра беларускай драматургіі
Тэатр-лабараторыя беларускай драматургіі быў створаны ў
1990 годзе з мэтай аказання практычнай дапамогі беларускім
драматургам-пачаткоўцам у спасціжэнні законаў сцэны і з'яўляецца адным
з нешматлікіх тэатраў такога кшталту разам з тэатрам "Ройал-Корт" у
Лондане і Школай сучаснай п'есы ў Маскве. Першым кіраўніком тэатра стаў
заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі
Беларусь Валерый Мазынскі.
Тэатр, апраўдваючы сваё прызначэнне, вядзе індывідуальную
работу з драматургамі, рэпетыцыі, акцёрска-сцэнічныя чытанні п'ес па
ролях, семінары з прыцягненнем рэжысёраў і іншых спецыялістаў тэатра,
садзейнічае прафесійнаму станаўленню маладых драматургаў. Школу Тэатра
беларускай драматургіі прайшлі ўжо каля трох дзесяткаў маладых аўтараў.
Сярод іх Мікалай Арахоўскі, Уладзімір Савуліч, Ігар Сідарук, Мікалай
Казачонак, Міраслаў Адамчык, Максім Клімковіч, Раіса Баравікова,
Дзмітрый Бойка, Уладзімір Сцяпан, Сяргей Кандрашоў, Мікалай Рудкоўскі,
Вячаслаў Панін, Андрэй Карэлін, Андрэй Шчуцкі, Андрэй Курэйчык і іншыя.
З тэатрам супрацоўнічаюць таксама майстры беларускай літаратуры Алена
Папова, Сяргей Кавалёў, Георгій Марчук, Яўген Таганаў, Святлана
Алексіевіч. Сёння іх п'есы з поспехам ідуць на гэтай сцэнічнай
пляцоўцы, а таксама ў шэрагу іншых тэатраў Беларусі. Разам з маладой
драматургіяй тэатр ажыццяўляе пастаноўкі твораў сусветнай класікі на
беларускай мове (Шэкспір, Брэхт, Мальер, Чэхаў, Булгакаў). Замежная
драматургія ў гэтым тэатры - не парадокс, а ўсвядомленая неабходнасць
прафесійнай вучобы артыстаў, знаёмства гледача з найлепшымі ўзорамі
сусветнага рэпертуару на роднай мове, набыцця майстэрства перакладу і,
часткова, кампенсацыя недахопу добрых сучасных п'ес.
За гады існавання Тэатр беларускай драматургіі стаўся
неад'емнай часткай культуры Беларусі. Тэатр можа ганарыцца і адкрыццём
новых імёнаў у рэжысуры: А. Гарцуеў, Т. Сулімава, М. Казачонак. Нельга
не прыгадаць імёны вядучых рэжысёраў Беларусі, якія працавалі ў тэатры
- В. Мазынскага, В. Раеўскага, М. Дзінава, В. Расстрыжэнкава, М.
Пінігіна, Р. Таліпава, В. Ласоўскага. Значны ўнёсак у дзейнасць тэатра
робіць заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Таццяна Рыгораўна
Мархель.
У 2000 годзе тэатр узначаліў заслужаны дзеяч мастацтваў,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Валерый
Данілавіч Анісенка. Пад яго кіраўніцтвам Рэспубліканскі тэатр
беларускай драматургіі пачаў перажываць якасна іншы этап сваёй
гісторыі, які можна ахарактарызаваць імкненнем да пастаяннага развіцця,
творчага пошуку ў рэчышчы псіхалагічнага тэатра. Толькі за перыяд 2000
- 2005 гг. Адбылося 25 прэм'ер. Пры гэтым напружаным рытме тэатр здолеў
захаваць высокі, якасны ўзровень пастановак.
Разам з гнуткай рэпертуарнай палітыкай тэатр актыўна
"амалажваў" трупу. У 2002 годзе ў калектыў арганічна ўліліся выпускнікі
курса Валерыя Анісенкі, падрыхтаваныя ім ў Беларускім дзяржаўным
універсітэце культуры. У абноўленым тэатры яны выступаюць і ў якасці
акцёраў, і як сурэжысёры-пастаноўшчыкі шэрагу спектакляў. Гэта Ганна
Арыніч-Анісенка, Вераніка Буслаева, Андрэй Дабравольскі, Аляксандр
Марчанка, Максім Паніматчанка, Наталля Халадовіч. Прыток новых творчых
сілаў зрабіў тэатр улюбёнцам як мінскай студэнцкай моладзі, так і
тэатралаў старэйшага пакалення.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі добра вядомы не
толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. На яго рахунку шматлікія
"Гран-пры" і прэстыжныя ўзнагароды міжнародных і рэспубліканскіх
фестываляў тэатральнага мастацтва. Простае пералічэнне дасць уяўленне
пра знакавыя пастаноўкі ў гісторыі тэатра: "Прыбалтыйскія тэатральныя
сустрэчы" са спектаклем "Ку-ку" М.Арахоўскага (Гродна, 1993 год); 49-ы
і 50-ы Міжнародны Эдынбугскі фестываль са спектаклямі "Рычард ІІІ" і
"Макбет" У.Шэкспіра ў пастаноўцы В.Анісенкі (Эдынбург, 1995-1996 гг.);
1-ы фестываль нямецкамоўнай драматургіі са спектаклем "Бот і яго
шкарпэтка" у пастаноўцы Т.Сулімавай (Мінск, 1998 год); "Славянскія
тэатральныя сустрэчы" са спектаклем "Апошняя пастараль" паводле
аповесці А.Адамовіча (Бранск, 1999 год); 1-ы Міжнародны фестываль
сучаснага тэатра "Адкрыты фармат" са спектаклем "Понцій Пілат"
А.Курэйчыка (Мінск, 2003 год); "Славянскія тэатральныя сустрэчы" са
спектаклем "Адвечная песня" Я.Купалы (Гомель, 2003 год). Самы
тытулаваны спектакль тэатра "Жанчыны Бергмана" М.Рудкоўскага ў
пастаноўцы В.Анісенкі сабраў прызы наступных фестываляў: "Славянскія
тэатральныя сустрэчы" (Бранск, 2002 год); ІX Міжнародны тэатральны
фестываль (г. Сібіў, Румынія, 2002 год); Міжнародны тэатральны
фестываль у Каіры (Егіпет, 2003 год); Міжнародны тэатральны форум
"Залаты Віцязь" (Масква, 2003 год).
Тэатр беларускай драматургіі - гэта жывы творчы арганізм,
які пастаянна развіваецца і ставіць сабе за мэту стаць надзейным
апірышчам у працэсах развіцця нацыянальнай культуры, у распаўсюджванні
гуманістычных і дэмакратычных каштоўнасцяў у сучасным беларускім
грамадстве.
|
|
|