Мархель
Таццяна Рыгораўна
Таццяна Рыгораўна, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, артыст,
вядучы майстар сцэны. Сваім шчодрым талентам камедыйнай і драматычнай актрысы,
збіральніцтвам і выкананнем песеннай фальклорнай спадчыны яна прыкметна вылучаецца
сярод іншых майстроў мастацтва Беларусі. За гады працы ў тэатрах рэспублікі
яна ўвасобіла безліч адметных вобразаў рознай гістарычнай і сацыяльнай прыналежнасці.
У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі яна працуе з 1993 года. За гэтыя
гады яна выканала ролі: Бежанкі ("Галава" І.Сідарука), Кацярыны
Карпаўны ("Сабака з залатым зубам" У.Савуліча), Магрэты
("Паваліўся нехта" У.Галубка і Л.Родзевіча), Жанчыны ў капелюшы
("Пеўчыя" Г.Марчука), Маці ("Дзіця з Батлеема" М.Пінігіна),
Герцагіні Йоркскай (спектакль-лаўрэат 49-га Эдынбургскага фестывалю "Рычард"
У.Шэкспіра), пані Фохт ("Брат мой, Сымон" У.Рудава), бліскуча
ўвасобіла ролю Інгрыд, опернай дзівы, якая страціла голас, у спектаклі
"Жанчыны Бергмана" М.Рудкоўскага (дыплом за лепшую жаночую ролю
на фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы", г.Бранск).
Т.Р.Мархель плённа працуе ў кінематографе. На яе творчым рахунку больш за 20
роляў, якія ўвайшлі ў "залаты фонд" беларускага кіно. Запамінальныя вобразы
простых беларускіх сялянак актрыса стварыла ў мастацкіх кінатэлестужках "Людзі
на балоце" І.Мележа, "Алімпіяда" І.Пташнікава, "Новая
зямля" Якуба Коласа, "Плач перапёлкі" І.Чыгрынава. Толькі
за апошні час на яе творчым рахунку выкананне ролі Рашучай у шматсерыйным
фільме "Закон" (Расійскае тэлебачанне, 2001 г.), ролі Свахі
ў фільме "Свежаніна з салютам" (кінастудыя "Беларусьфільм", 2001
г.), ролі Маланкі ў фільме "Анастасія Слуцкая" (кінастудыя "Беларусьфільм",
2003 г.) . Сярод апошніх работ Т.Р.Мархель на тэлебачанні можна прыгадаць цыкл
перадач "Лёс чалавека" (Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія
Рэспублікі Беларусь, тэлекампанія "ФІТ", 2000 г.), дзе актрыса прыняла ўдзел
у якасці тэлевядучай.
Т.Р.Мархель з'яўляецца лаўрэатам Міжнароднага конкурсу радыёспектакляў "Суздаль-94".
Т.Р.Мархель - заслужаная артыстка БССР (1984 г.), мае Ганаровую грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1978 г.), узнагароджана Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у чэрвені 2001 года на фестывалі "Залаты Віцязь" (г. Тамбоў) атрымала прыз сімпатый гледачоў. На фестывалі нацыянальнай драматургіі ў г. Бабруйску (лістапад 2001 г.) і фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы" у г. Бранску (май 2002 г.) Т.Р.Мархель атрымала прыз за лепшае ўвасабленне жаночай ролі. Гэты спектакль з поспехам прайшоў на ІХ Міжнародным тэатральным фестывалі ў г. Сібіў (Румынія, чэрвень 2002 г.), XV Міжнародным тэатральным фестывалі ў г. Каір (Егіпет, верасень 2003 г.). На I Міжнародным тэатральным форуме "Залаты Віцязь" Т.Р.Мархель атрымала прыз за лепшую жаночую ролю ў спектаклі "Жанчыны Бергмана" (г. Масква , лістапад 2003 г.)
Апошнімі работамі Т.Р.Мархель у тэатры з'яўляюцца роля Жанчыны ў спектаклі
"Чарнобыльская малітва" С.Алексіевіч, ролі Маці, Зімы ў
спектаклі "Адвечная песня" Янкі Купалы, а таксама роля Урбены
ў спектакле паводле п'есы Андрэя Курэйчыка "П'емонцкі звер" ;
"Кабала святош" М.Булгакава - Рэнэ; "Трыбунал"
А.Макаёнка - Паліна; "Белы анёл з чорнымі крыламі" Д.Балыка
- Бабуля; "Шлях у Царград" - Пані, Наркацарыца;
"Іванаў" А.Чэхава - Аўдоцця Назараўна.
|