Кавальчык Сяргей Міхайлавіч
|
|
Нарадзіўся 25 верасня 1969 года ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці.
У 1986 годзе скончыў сярэднюю школу №149 г.Мінска і паступіў на тэатральны
факультэт Беларускай акадэміі мастацтваў.
У 1996 годзе скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці
"Рэжысёр тэатра", а ў 2000-м годзе ўжо з'яўляўся рэжысёрам-пастаноўшчыкам
васьмі спектакляў і двух дакументальных фільмаў.
На прафесійнай сцэне дэбютаваў у Гомельскім драматычным тэатры
- казкі "Воўк - мараплавальнік" Сяргея Казлова, "Папялушка" паводле казкі
Шарля Перо, "Пунсовая кветачка" паводле казкі Сяргея Аксакава, а таксама
спектакль "Чыё дзіцё ў сакваяжы?" паводле п'есы Оскара Уайльда "Як важна
быць сур'ёзным". У гэтых работах ствараецца творчая брыгада маладога рэжысёра.
Музыку да спектакляў піша Цімур Каліноўскі, мастак-сцэнограф Уладзімір
Ціханаў, балетмайстар Валянціна Пранішнікава.
Пасля Гомеля праца ў Дзяржаўным маладзёжным тэатры і вяртанне ў
Мінск. Пастаноўка казкі "Брыдкае качаня" паводле сюжэта Г.Х.Андэрсэна,
у якой С.Кавальчык з'яўляецца аўтарам п'есы, музыкі і тэкстаў песень.
Жанр казкі для самых маленькіх гледачоў вельмі складаны, але чароўны свет
Андэрсэна ажывае на сцэне ў вобразах, створаных дружнай камандай акцёраў
і рэжысёра. Цудоўныя песні і маляўнічыя касцюмы, віртуозныя танцавальныя
нумары ствараюць зіхоткае тэатральнае відовішча.
А далей 1999 год, конкурс творчай моладзі ў Гродне. І тытулаваная
камісія з вядучых тэатральных крытыкаў і дзеячаў беларускага тэатра называе
Сяргея Кавальчыка найлепшым маладым рэжысёрам Беларусі. Дыплом за шэраг
спектакляў падводзіць вынік трохгадовай працы маладога рэжысёра па сканчэнні
Акадэміі. Але на фестываль Сяргей патрапляе толькі ў апошні дзень, проста
на цырымонію ўзнагароджання. Справа ў тым, што ў гэты ж момант ён выпускае
спектакль паводле п'есы Джона Флетчара "Узнагарода жанчыне, альбо ўтаймаванне
ўтаймавальніка" у Маладзёжным тэатры. Дэбют на сталічнай сцэне адбыўся.
Героі эпохі Адраджэння ажылі перад вачамі гледачоў, і пасля двух гадзін
дзеяння забываецца стома сямімесячнай працы над спектаклем. Апладысменты,
кветкі, віншаванні...
З 2000 года С.Кавальчык пачынае працу ў Рэспубліканскім тэатры
беларускай драматургіі, дзе і працуе па цяперашні час. На сцэне мінскага
тэатра "Дзе-я" ён ставіць спектакль "Чароўная скрыпка" паводле п'есы Алеся
Гаруна. Некаторы час выкладаў майстэрства акцёра ў Беларускім дзяржаўным
універсітэце культуры, курс Валерыя Мазынскага, працуе на студыі "Люмьер".
Пасля двух фільмаў "Тэрыторыя па-за свабодай" (1997г., фільм пра ўтрыманне
падлеткаў у следчым ізалятары Мінска) і "Наркаманія" (1999г., фільм пра
"механіку" патраплення маладых людзей у наркатычную залежнасць), Сяргей
Кавальчык здымае дакументальны фільм "Le Sonet" на студыі "Frier-Film"
(Швейцарыя).
У 2003 годзе выходзяць адразу чатыры прэм'еры: "Ханума" і "Прыгоды
Бураціна" (Гомельскі аблдрамтэатр) і "Адвечная песня" і "Хрустальны туфлік"
у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.
На працягу 2002-2003 гг. знята больш за 30 дакументальных фільмаў
на розныя тэмы, у тым ліку "Мак-Дональдс - 5 год", "Керамін", "Тыя, хто
даюць святло і цяпло" (фільм пра 70-годдзе беларускай энергасістэмы),
"Гісторы аўтапарка №2", "Velcom - новыя тэхналогіі", "Шлях Дняпра" (па
замове Міжнароднага экалагічнага фонда і Праграмы развіцця ААН) і шэраг
іншых.
Спектакль "Адвечная песня" паводле аднайменнай паэмы Я.Купалы ў
2003 годзе атрымаў Гран-пры на фестывале "Славянскія тэатральныя сустрэчы"
у намінацыі "За лепшы спектакль". На VIII Міжнародным тэатральным фестывалі
"Мельпамена Таўрыі" быў уручаны дыплом дырэктара фестывалю акцёру Ігару
Сігаву "За сцэнічнае ўвасабленне глыбіні славянскай душы", дыплом калектыву
РТБД "За акцёрскі ансамбль" у спектаклі "Адвечная песня" (г.Херсон, Украіна,
чэрвень 2006 г.) На тэатральным конкурсе ХІІІ ММКФ "Лістапад" - спектакль
"Адвечная песня" адзначаны дыпломам акцёру І.Сігаву ад "Народнай газеты"
(г. Мінск, лістапад 2006 год).
Дзіцячы спектакль "Айбаліт, Бармалей, пра жывёл і Брадвей" (мюзікл-пародыя
паводле У.Аксенкруга) стаўся новым творчым здабыткам рэжысёра ў рэалізацыі
жанра мюзікла. У снежні 2004 г. на суд маленькіх гледачоў быў прадстаўлены
спектакль "Воўк-мараплавец" С.Казлова, у якім С.Кавальчык выступіў не
толькі ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка, але і як аўтар музыкі. У сакавіку
2005 г. адбылася прэм'ера спектакля паводле п'есы М.Булгакава "Кабала
святош (Мальер)", у якім С.Кавальчык выступіў у ролі рэжысёра-пастаноўшчыка
разам з дырэктарам-мастацкім кіраўніком тэатра Валерыем Анісенкам. У кастрычніку
2005 г. сумесна з маладзежнай студыяй тэатра быў ажыццёўлены праект "Паўночная
цішыня" інсцэніроўка Я.Конева паводле аповесці "А заранкі тут ціхія..."
Б.Васільева. У маі 2006 г. С.Кавальчык паставіў спектакль "Шлях у Царград"
сербскага драматурга Зорана Косціча, які паспяхова паўдзельнічаў у IV
Міжнародным тэатральным форуме "Залаты Віцязь" і атрымаў бронзавы дыплом
"За творчае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Рэспублікі Сербскай"(г.
Масква, Расія, лістапад 2006 г.).
На
Рэспубліканскім конкурсе тэатральных пастановак п'ес класічных і
сучасных беларускіх драматургаў Сяргей Кавальчык быў узнагароджаны
дыпломам і першай прэміяй конкурсу ў намінацыі "Рэжысура" за спектакль
"Адвечная песня" паводле Янкі Купалы. |