Сідаркевіч
Людміла Аляксандраўна
Артыст, вядучы майстар сцэны. Працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай
драматургіі з 1995 года, адразу пасля заканчэння вучобы на акцёрскім аддзяленні
Беларускай акадэміі мастацтваў. На яе рахунку ўвасабленне характару Жонкі пісара
ў вадэвілях У.Галубка і Л.Родзевіча "Паваліўся нехта", Наталлі Ломавай
і Таццяны Шыпучынай ў вадэвілях Чэхава "Прапанова" і "Юбілей"
(спектакль "Шампань-скага!"), роля Вольгі ў гульнях дарослых "Містэр
Розыгрыш" С.Кандрашова, увасабленне жаноцкасці (Яна) у трылер-кліпе
"Апошняя пастараль" паводле А.Адамовіча, Лялька ў спектаклі
"Развітанне з радзімай" паводле п'есы А.Паповай, Паўлінка
ў фантасмагорыі С.Кавалёва "Стомлены д'ябал", Ліў у спектаклі
"Жанчыны Бергмана" М.Рудкоўскага, пастаноўка В.Анісенкі, роля
Бландоі ў спектаклі "Балада пра Бландою" С.Кавалёва, пастаноўка
У.Паржэцкай. На Рэспубліканскім конкурсе (1998г.) акцёрскіх дуэтаў "Прызнанне
ў каханні" Людміла Сідаркевіч адзначана званнем лаўрэата. Акцёрскія працы ў
сезоне 1998/99 гг. прынеслі ёй галоўны прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў
- "Крыштальную кветку надзеі". За ролю Фанні ў абсурдзе Г.Ахтэрнбуша
"Бот і яго шкарпэтка" журы фестывалю сучаснай нямецкай п'есы прысудзіла
актрысе дыплом за лепшае выкананне жаночай ролі, на фестывалях "Маладзечанская
сакавіца-99" і "Славянскія тэатральныя сустрэчы-99" (г. Бранск) Л.Сідаркевіч
атрымала галоўны прыз за лепшае ўвасабленне ролі Жанчыны, (Яна,
згодна з аўтарскай назвай персанажа) у спектаклі "Апошняя пастараль".
У 2002 г. на фестывале "Славянскія тэатральныя сустрэчы-2002" (г.Бранск) Л.Сідаркевіч
атрымала спецыяльны прыз за ўвасабленне ролі Ліў у спектаклі "Жанчыны
Бергмана" М.Рудкоўскага, пастаноўка В.Анісенкі. Апошнімі акцёрскімі
работамі Людмілы Сідаркевіч з'яўляюцца ролі Сястры, Ільвіцы ў дзіцячым
мюзікле-пародыі "Айбаліт, Бармалей, пра жывел і Брадвей" Ул.Аксенкруга,
Ізабелы П'емонцкай у спектаклі "П'емонцкі звер" А.Курэйчыка;
"Жан і Беатрыса" К.Фрэшэт - Беатрыса; Канчыты ў
спектаклі "Ганна ў тропіках" Ніла Круза; Ганерыльі ў спектаклі
"Кароль Лір" У.Шэкспіра; Трэпольскай, Тары, Сакратаркі
ў спектаклі "Шлях у Царград" Зорана Косціча; Ганны Пятроўны
ў спектаклі "Іванаў" А.Чэхава.
|